РАДЫЁЛАКАЦЫ́ЙНЫ ІНДЫКА́ТАР,

прыстасаванне для адлюстравання радыёлакацыйнай інфармацыі ў яркаснай, графічнай або лічбавай форме. Дае інфармацыю пра наяўнасць цэлей, іх каардынатах (далёкасці, азімуце, вышыні), пра змены гэтых каардынат у часе і прасторы, пра характарыстыкі цэлей (тып, памеры, колькасць і інш.).

Р.і. выкарыстоўваюцца таксама для атрымання дадатковай інфармацыі, неабходнай для кіравання аб’ектам, які абслугоўваецца радыёлакацыйнай станцыяй. Напр., на Р.і. самалётных станцый могуць дадаткова паказвацца даныя аб вышыні і скорасці палёту, становішчы самалёта адносна лініі гарызонту, колькасці паліва ў баках, стане агрэгатаў самалёта і інш. У Р.і. выкарыстоўваюцца прыёмныя злектронна-прамянёвыя трубкі (чорна-белага або каляровага відарыса), святлодыёдныя, электралюмінесцэнтныя і газаразрадныя індыкатары, вадкакрышталічныя і інш. індыкатары.

т. 13, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)